ПІ́НСКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка ў 1565—1793 у Брэсцкім ваяв. ВКЛ, з 1795 у Мінскім намесніцтве, з 1796 у Мінскай губ. Рас. імперыі, з 1921 у Палескім ваяв. Польшчы, з 1939 у БССР. Цэнтр — г. Пінск. У 16—18 ст. на яго тэрыторыі размяшчаліся Пінскае староства і буйныя магнацкія вотчыны Астрожскіх, Гальшанскіх, Радзівілаў, Чартарыйскіх. У 1793 большая ч. павета адышла да Расіі. У 1795 павет утвораны паўторна: на Пн да яго далучана ч. Навагрудскага пав., усх. ч. вылучана ў Давыд-Гарадоцкі павет, паўн. ч. перададзена ў Ровенскі пав. З 1796 у Мінскай губ. У 1797 пл. павета каля 10 тыс. км². Пасля 1861 уключаў 23 воласці: Дабраслаўская, Дубайская, Жабчыцкая, Кажан-Гарадоцкая, Кухацкавольская, Лагішынская, Лемяшэвіцкая, Лунінская, Любяшоўская, Марачнянская, Пагост-Загародская, Парэцкая, Пінкавіцкая, Плотніцкая, Радчыцкая, Святавольская, Ставоцкая, Столінская, Угрыніцкая, Хатыніцкая, Хойнаўская, Целяханская, Церабяжоўская. У 1897 у П.п. 201 тыс. чал., 11 мястэчак, 75 сёл, 292 вёскі, 191 фальварак. У 1920 Святавольская і Целяханская вал. перададзены ў Косаўскі пав., Дабраслаўская, Кажан-Гарадоцкая, Лунінская, Пагосцкая, Плотніцкая, Столінская, Хатыніцкая і Церабяжоўская вол. — у Лунінецкі пав. З 18.3.1921 у складзе Палескага ваяв. Польшчы. У 1933 уключаў 13 гмін: Бродніцкая, Вітчаўская, Дабраслаўская, Жабчыцкая, Кухацкавольская, Лагішынская, Лемяшэвіцкая, Марачнянская, Пінкавіцкая, Пінская, Парэцкая, Пагост-Загародская, Хойнаўская. З 4.12.1939 пераважная частка ў складзе Пінскай вобл. БССР. 15.1.1940 павет скасаваны, на яго тэр. ўтвораны раёны.

В.​Л.​Насевіч.

т. 12, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)